Бандзюгі і амапаўцы гавораць па-беларуску ў Гарадзенскім кніжным клубе.
Як людзі становяцца бамжамі і трапляюць на сметніцу, чаму амапаўцы размаўляюць па-беларуску, і дзе шукаць шчасця – ўсё гэта абмяркоўвалі ў Гарадзенскім кніжным клубе разам з аўтарам аповесці “Кароль Капайла і яго атачэнне” Міхася Зізюка.
Да
кніжнага клубу трэба рыхтавацца!
Абвесткі ў інтэрнеце пра сустрэчы Кніжнага
клубу я бачыла ўжо даўно і мне было цікава, бо чытаць люблю з дзяцінства,
але звыклыя “няма часу” і “наступны раз” рабілі сваю справу. Досвед удзелу ў кінаклубе, (гэтыя прыемныя
пачуцці, калі твой мозг варушыцца, эмоцыі , новыя думкі і адкрыцці,) казаў - “Ідзі!”. Пасля чарговага віртуальнага
запрашэння вырашыла схадзіць, тым больш што час сустрэчы зручны – 19.00. Тут
ёсць свае ньюансы, калі ты прыходзіш у кінаклуб, то напачатку адбываецца
прагляд фільму, які часцей за ўсё ты бачыш упершыню, а потым рэфлексіі -
абмеркаванне. Да кніжнага клубу трэба рыхтавацца! Мадэратары абіраюць твор,
загадзя робяць абвестку, калі ёсць магчымасць запрашаюць аўтара. Мне вельмі
пашанцавала і я трапіла на версію абмеркавання з аўтарам.
Даведка.
Гарадзенскі кніжны клуб створаны ў 2014 годзе. Мэта клубу - знаёмства з творамі беларускіх пісьменьнікаў, а таксама абмену думкамі й абмеркаваньня гэтых твораў. Першыя сустрэчы клубу адбываліся ў галярэі “Крыга” і этна-краме “Цудоўня”, сёння прыхільнікі беларускага пісьменства збіраюцца ў “Цэнтры гарадскога жыцця”. Сачыць за абвесткамі можна на старонцы клуба ў Фэйсбуку.
Пачаткі.
Пачакаўшы ўсіх удзельнікаў, акуратна расклаўшы
свае кніжкі на століку, пісьменнік Міхась Зізюк пачаў свой маленькі аповед, пра сябе і пачаткі творчасці.
“Мае бацькі былі простыя вясковы людзі, бацька
пасвіў жывёл, маці - хатняя гаспадыня”
“ Мне з дзяцінства хацелася пісаць. Першыя
крокі ў літаратуры я зрабіў, калі вырваў у братавым сшытку два аркушы,
накрэмзаў нейкія каракулі асадкаю, потым узяў капэрту, падпісаў таксама нейкімі
каракулямі, і аднёс на пошту. Да скрыні я дацягнуцца сам не змог, то адна
жанчына пашкадаваўшы дапамагла мне.”
“Зробіш працы хатнія - дроў прынесці, вады, а
потым сядзіш да пазна кніжкі чытаеш, пакуль бацькі спаць не пагоняць. Чытаў
сур’ёзныя кніжкі, калі ўжо крышку падначытаўся, то спрабаваў напісаць
фантастычны раман – пра палёт у космас, але закінуў.”
“Не ведаю адкуль гэта прыйшло ў дзяцячую
галаву, я вучыўся у беларускай школе, і мне захацелася пісаць на рускай мове. І
я напісаў першы свой раман “Прыцягненне зямлі”(Притяжение земли) – гісторыя
двух братоў у час вайны.”
“Але вучыцца я пайшоў не на філолага, а па
парадзе радні – у ваеннае.”
Дыялог.
Чытачы і аўтар.
І вось кола чытальнікаў дастае свае нататкі і прыступае да разбору
аповесці. Раскладаюць герояў па паліцах, задаюць пытанні. "Кароль Капайла і яго атачэнне" - гэта аповесць пра бізнэсоўца Лявона, які праз розныя жыццёвыя калізіі аднойчы прачынаецца на сметніку. Яго знаходзіць Капайла, самаабвешчаны начальнік сметніка, якому падпарадкоўваюцца бадзягі. Яны корпаюцца у смецці, сартуюць яго і праз страх паслухмяна выконваюць усе загады караля Капайлы. Лявон вырашае зрабіць выгляд, што страціў памяць і некаторы час пажыць з імі, каб вырашыць як жыць і што рабіць далей. Кожны бадзяга мае сваю гісторыю, сваю філасофію і сваю мару. Усе яны хацелі б мець шанец выбрацца са сметніка. І вось аднойчы яны знаходзяць тое, што можа дапамагчы ім. Але... усё сканчаецца калі прыходзяць амапаўцы. Пачынаецца і сканчаецца апавяданне амаль аднолькава - гэта нібы сон, нібы трызнене Лявона, якое адносіць яго ў нейкі іншы свет, свет у якім магчыма ён павінен адшукаць адказ на свае пытанні.
Чытачы: “З першых радкоў стала зразумела, што гісторыя будзе звязана з нечым
звышнатуральным…але вось Лявон (герой
апавядання)прачынаецца і пачынаецца пра жыццё бадзяг, пра іх праблемы і
мары”
“Цікава назіраць, як амапаўцы і бандзюгі ў
апавяданні размаўляюць па-беларуску…”
Аўтар: “Зразумеда , што ў жыцці
амапаўцы не размауляюць на мове, але гэта аповесць напісаная па-беларуску, таму
натуральна, што ўсе героі размаюляюць на мове”
Ч : “У гэтай гісторыі мне было шкада больш за ўсіх, толькі Чарныша
(сабачку караля Капайлы), якога забілі..”
“Чаму людзі апускаюцца? … узяць Капайлу, з-за
прагі грошай, пачаў жыць не сумленна, не па закону…..другі вобраз Чапяла, якому
не пашанцавала ў жыцці, начальнік падставіў, выпадак з аўтобусам…трэба ж
думаць, што робіш…”
А : “Гэта рэальная гісторыя, якая адбылася, пра яе пісалі ў газетах…шмат
якія гісторыі ў аповесці ўзяты з жыцця”
Ч: “Вось Кныш…Сярожа,калі хлопчыка клічуць увесь час Сярожа, то як з яго
атрымаецца мужчына?! Вось таму ён такі баязлівец і ў гэту гісторыю трапіў…”
“Я пабачыла адлюстраванне нашага грамадства, спячага
грамадства – ідуць, як манекены, ідуць на бойню. І прачынаюцца калі даць па
галаве.”
“Не зразумелы канец гісторыі і нават нейкае расчараванне,
калі расце напружанне і потым усё нечакана сканчаецца….”
А: “Можна было б працягваць гісторыю, гэта мог быць сапраўдны баевік,
але ўсё сканчаецца менавіта так, і гэтым падкрэсліваецца нейкая фатальнасць…грошы не маглі ашчаслівіць
іх, таму такі канец”
Ч: “Сметніца – як нашае грамадства, нам смярдзіць, але мы думаем каб не
было горш… Страх смерці. ..адчуванне натоўпу, кроку не зробіш… можна ж спыніцца
і задумацца. Але асноўная маса спіць…проста слёзы на вачах…”
“Цікава назіраць, як у гэтым дыялогу чытачоў і
аўтара нараджаецца новы твор.”
“Беларусь, як ёсць!”
“Гэта не толькі беларускія рэаліі, такое можа
адбывацца і у Эўропе і ў Расеі.”
А: “ Крытыкі параўноўваюць, згадваюць і М.Горкага “На дне”, і В.Быкава,
і нават “Майстра і Маргарыту” Булгакава. ..Мне больш блізкі прыём В.Быкава - Я стаўлю чалавека ў сітуацыю, і ён вырашае,
як яму быць.”
“Куды
мы ідзем?”
Абмеркаванне скончылася. Жадаючыя атрымалі
аўтаграфы, сфатаграфаваліся з пісьменнікам, і разышліся сваімі шляхамі і з
думкаю “Куды ж мы ідзем?”
Я наўмысна не апісвала падрабязна змест апавядання, бо ў
мяне не было мэты рабіць разбор твора. А толькі пазнаёміць з такой з’явай, як “Гарадзенскі кніжны клуб”,
і даць магчымасць чытачу самому вырашыць - чытаць ці не твор Міхася Зізюка.






Комментарии
Отправить комментарий